ТУРАЎЛЯ́НСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16 ст. ў сутоку рэк Зах. Дзвіна і Тураўлянка (Полацкі р-н Віцебскай вобл.). Пабудаваны ў 1563 паводле загаду Івана IV Грознага з каменю і дрэва. Квадратны ў плане замак меў 4 вуглавыя вежы і пятую вежу-браму з боку Тураўлянкі, цераз якую быў перакінуты драўляны мост на палях. Вежы з боку Тураўлянкі былі чацверыковыя, крытыя ў 2 схілы, з боку Зах. Дзвіны — гранёныя або круглыя, з шатровым крыццём. Вежы мелі 3 баявыя ярусы: сярэдні з амбразурамі для гармат, ніжні і верхні з байніцамі для ручной агнястрэльнай зброі. Вуглавыя вежы стаялі на высокіх паўкруглых падмурках, сцены якіх былі прарэзаны круглымі байніцамі. Драўляная забудова замка была шчыльная. Сярод прамавугольных у плане жылых дамоў, накрытых 2-схільнымі дахамі, вылучаліся 2 збудаванні з купальнымі завяршэннямі, якія, верагодна, мелі культавае значэнне. 4.9.1579 да замка падышоў атрад войска ВКЛ пад камандаваннем кн. К.​Лукомскага. Рускія спешна пакінулі Т.з. без бою. Заняўшы замак, Лукомскі загадаў страляць з усіх гармат. У выніку ўзнік пажар, які знішчыў замак. У 1579 С.​Пахалавіцкі выканаў малюнак Т.з., паводле якога пазней зроблена гравюра.

Ю.​А.​Якімовіч.

Тураўлянскі замак. Гравюра Д.​Б.​Кавалеры 1580 паводле малюнка С.​Пахалавіцкага 1579.

т. 16, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)